У Мастах банк аштрафаваў кліента за псаванне банкамату

Мастоўскі філіял “Беларусбанка” аштрафаваў жыхарку горада на 35 тысяч рублёў. Высветлілася, што яе сын скарыстаўся карткай маці, пасля чаго вырашыў “пахуліганіць” і засунуў у картапрыймальнік паперу. Картка засталася заблакаванай ў банкамаце.
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў філіяле банка.

“Ён карыстаўся чужой картачкай, а пасля, нягледзячы на тое, што ёсць відэаназіранне, узяў ды забіў картапрыймальнік паперай і гэтак далей. Гэта самае сапраўднае хуліганства”.

Дастаўшы картку, супрацоўнікі банка замест міліцыі выклікалі маці хулігана і далі ёй штраф.

“Вырашылі, што яшчэ малады… Каб гэтую справу ў міліцыю не перадаваць, хай маці з ім пагаворыць”.


Праўда, у банку так і не паведамілі, за што канкрэтна аштрафавалі жанчыну.