У міністра абароны Германіі забралі навуковае званне
Доктарская дысертацыя міністра абароны Германіі цу Гутэнберга “ў вялікай меры парушае навуковую этыку”.
Так выказалася ўчора атэстацыйная камісія ўніверсітэта ў Байройце (зямля Баварыя) пасля двухдзённых праверак.
Некаторыя абсягі дысертацыі, на думку камісіі, папросту даслоўна або амаль даслоўна пазычаныя з працаў іншых навукоўцаў без спасылак на аўтараў, перадае радыёстанцыя “Дойчэ Вэле”.
Міністр прызнаў гэта яшчэ ў панядзелак і сам прасіў пазбавіць яго звання доктара права. І гэта нягледзячы на падтрымку больш за 110 тысяч сяброў Карла Тэадора цу Гутэнберга ў сацыяльных сетках, пра якіх паведамляе медыярэсурс “Більд”.
Цяпер апазіцыя ставіць пытанне пра адстаўку хрысціянскага дэмакрата цу Гутэнберга. Сам малады (38 гадоў) міністр сыходзіць адмаўляецца. Тлумачыць памылкі ў дысертацыі тым, што “пераацаніў свае сілы, калі балатаваўся ў бундэстаг, завёў сям’ю, дзяцей і, вось, думаў, што здужае таксама і навуку”.