У мінскай школе №199 выпускнікам паказалі мужчынскі стрыптыз

На выпускны вечар у мінскай школе №199 запрасілі мужчынскі стрыптыз. Ініцыятарам гэтага выступіў бацькоўскі камітэт. Выпускніца школы Алена Макарэвіч адмовілася ўдзельнічаць у выпускным вечары на знак пратэсту супраць запрашэння гурта.

Макарэвіч: Гурт называецца "Candy men" — яны танцоры, але практыкуюць яшчэ і стрыптыз. Іх бацькоўскі камітэт запрасіў у якасці шоў-праграмы для дзяцей. Я байкот аб'явіла сваёй школе. Сказала, што я не пайду на выпускны, таму што гэта не адпавядае маім маральным каштоўнасцям.

У Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкаму пра стрыптыз на выпускной вечарыне ў 199-й школе не чулі. Начальнік камітэта Андрэй Стрыгельскі нават не паверыў у магчымасць такой падзеі:

Стрыгельскі: 199-я школа? Мужчынскі стрыптыз? А вы ўпэўнены, што ён там быў? Я, на жаль, у 199-й школе не быў на выпускном вечары...

Спадар Стрыгельскі адназначна выказаўся, што стрыптыз ва ўстанове адукацыі недапушчальны і паабяцаў разабрацца з сітуацыяй.