У Мінскай вобласці з’явіўся крыж у памяць аб ахвярах партызанаў

19 красавіка ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна Мінскай вобласці адбылася цырымонія адкрыцця мемарыяльнага крыжа ў памяць аб мірных жыхарах, знішчаных партызанамі 15 красавіка 1943 года.
Шасціканечны крыж святой Ефрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі, устаноўлены побач з каталіцкімі могілкамі вёскі, частка якой была спалена, а многія жыхары — забітыя або спаленыя партызанамі ў сваіх дамах.

Знак устаноўлены па ініцыятыве мемарыяльнай секцыі грамадскага аб'яднання "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" пры падтрымцы моладзевых дэмакратычных арганізацый і прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху.

Паводле інфармацыі краязнаўца і журналіста Віктара Хурсіка, 15 красавіка 1943 года партызаны спалілі ў вёсцы Дражна 37 дамоў, забілі 25 мірных жыхароў, у тым ліку 15 жанчын і дзяцей. Імёны загінулых пералічаны на мемарыяльнай таблічцы, прымацаванай да крыжа.

У адкрыцці знака ўдзельнічалі больш за 30 чалавек, у тым ліку жыхары вёскі і сведкі трагедыі. Драўляны крыж вышынёй 3,5 метра ўяўляе сабой у сем разоў павялічаную копію крыжа святой Ефрасінні Полацкай. Малебен і асвячэнне знака правёў праваслаўны святар айцец Леанід (Акаловіч), які ўшанаваў не толькі памяць загінулых у гэтай трагедыі, але і тых мясцовых жыхароў, якія былі рэпрэсаваныя ў гады сталінскага тэрору. Ён асвяціў крыж, а ўдзельнікі цырымоніі ўсклалі да яго кветкі.

БелаПАН