У мінскіх садках, школах і лякарнях уключылі ацяпленне

1 кастрычніка ў Мінску ўключылі ацяпленне ў дзіцячых дашкольных установах, школах, дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах, дзіцячых гарадках, у медычных установах, а таксама ва ўстановах сацыяльнага забеспячэння, паведамляе БелаПАН. Адпаведнае рашэнне гарвыканкам прыняў 30 верасня. У сталічнай адміністрацыі паведамляюць, што калі тэмпература паветра на вуліцы будзе вышэйшай за 10 градусаў, батарэі абагравання ў гэтых установах будуць ледзь цёплымі. Пры стабільным падвышэнні сярэднесутачнай тэмпературы вонкавага паветра ацяпленне ўвогуле адключаць.
 
У жылых дамах тапіць пачынаюць толькі тады, калі сярэднесутачная тэмпература паветра на вуліцы цягам пяці дзён не перавышае 8 градусаў па Цэльсію. Сёння ж, па прагнозам сіноптыкаў, удзень будзе ад 9 да 11 градусаў цяпла.