У Мінскім раёне гарачую ваду вярнулі не ўсім

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі адмяніла доўгачасовае адключэнне гарачай вады ў Мінскім раёне. Аднак гарачая вада з'явілася не ва ўсіх. Нагадаем, што ў жыхароў Калодзішчаў, Атоліна, Гатава, Мачулішчаў, Новага двара і шэрагу іншых населеных пунктаў пад Мінскам гарачую ваду адключылі 1 ліпеня. Абвяшчалася, што яна з’явіцца не раней за пачатак кастрычніка.

Але 28 ліперя намеснік міністра ЖКГ Сяргей Сушко заявіў, што рашэнне пра доўгачасовае адключэнне гарачай вады ў Мінскім раёне непрадуманае і не адпавядае сацыяльным стандартам. Праўда, да Калодзішчаў ягоныя словы дагэтуль не дайшлі, як і гарачая вада. Распавядае адзін з супрацоўнікаў мясцовага сельсавета:

Супрацоўнік Каладзішчанскага сельсавета: “На жаль, няма вады. Не з’явілася. І, наколькі я разумею, не з’явіцца бліжэйшыя 2 месяцы. А ўжо і халодна хутка будзе... Увогуле, у нас халодная вада толькі ўчора з’явілася. І яе тыдні з два не было!”

А вось, напрыклад, у Мачулішчах свята: паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, яшчэ ўчора ўвечары ў іх дамах з’явілася гарачая вада.