У Мінскім заапарку пачынаецца будаўніцтва экзатарыўма

У лютым на тэрыторыі Мінскага заапарка пачнецца будаўніцтва экзатарыўма. Як адзначае БелаПАН, экзатарыум — гэта вялікі трапічны павільён вышынёй 14 метраў і плошчай 1,5 тыс. кв. м для прадстаўнікоў фаўны Паўднёвай Амерыкі.  Будынак узвядуць па ўнікальным для Беларусі праекце, які прадугледжвае размяшчэнне ў павільёне разам з экзатычнымі раслінамі двух басейнаў, вадаспаду, акварыўмаў і акватэрарыўмаў.

У цэнтральнай круглай частцы павільёна дыяметрам 36 м будуць знаходзіцца дробныя малпы, папугаі ды вялікая калекцыя рэптылій. У штучных вадаёмах будуць прадстаўленыя рыбы ракі Амазонкі, у дэкаратыўных скалах — кажаны. Адна з прыбудоваў будзе прызначаная для драпежнікаў — акуляравых мядзведзяў, пум і іншых жывёл, другая — для птушак, пераважна водных і водна-балотных відаў птушыных.

Будаўніцтва экзатарыума разлічанае прыблізна на паўтара года.