У Мінску адбылася прэм'ера беларускай камедыі "Дастиш фантастиш"

16 красавіка, напярэдадні жалобнай цырымоніі па ахвярах авіякатастрофы пад Смаленскам, у мінскім кінатэатры "Октябрь" адбылася прэм'ера беларускай эксцэнтрычнай камедыі "Дастиш фантастиш". Рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Канановіч вызначыў жанр фільма як "гістэрыка". "Пасля мантажу высветлілася, што атрымалася не камедыя, не трылер, а гістэрыка. У такім жанры звычайна ўсё пераблытана, як і ў галаве ў чалавека пры гістэрыцы", — цытуе Канановіча агенцтва БелаПАН.

Сюжэт фільма заснаваны на тым, што вясковы юнак Ванька атрымаў у спадчыну ад багатага мінскага дзядзькі насенне грашовага дрэва, на якое ў той жа час палявала "італьянская мафія". Па словах рэжысёра, мэтавая аўдыторыя "Дастиш фантастиш" — моладзь.

Ролі галоўных герояў фільма Ванькі і Варькі згулялі Аляксандр Казела і Марыя Возба, аўтар сцэнара — Марыя Мажар.