У Мінску адкрыўся міжнародны аўтасалон "Мотаршоў"

Міжнародны аўтасалон "Мотаршоу" пачаў працаваць у Мінску. Сёлета ён праходзіць з 4 па 9 траўня. Месцам правядзення аўтасалона, як і ў мінулыя гады, выбраны футбольны манеж на праспекце Пераможцаў.
Асноўным арганізатарам гэтага выставачнага мерапрыемства выступае кампанія "Рэмарк" пры садзеянні аўтамабільнай асацыяцыі БАА. Як заявіў на адкрыцці "Мотаршоў" дырэктар "Рэмарка" Дзмітрый Ярота, на падрыхтоўку самага буйнога ў краіне аўтасалона пайшло восем месяцаў. Сёлета на стэндах размясцілася рэкордная колькасць аўтамабіляў.

У сваю чаргу дырэктар аўтамабільнай асацыяцыі БАА Людміла Шабанава адзначыла ўражальны рост продажу новых іншамарак у краіне, які адбыўся за апошнія гады.

У 2006 годзе продаж узрос больш чым удвая і перавысіў 10 тысяч аўтамабіляў. У цэлым жа, паводле ацэнак экспертаў БАА, якая аб'ядноўвае некалькі дзесяткаў аўтаімпарцёраў і дылераў, ёмістасць беларускага рынку новых аўтамабіляў складае каля 50-60 тысяч машын у год.

Паводле інфармацыі арганізатараў, сёлета на "Мотаршоў" прадстаўлена прыкладна 35 аўтамабільных марак, усяго каля 250 адзінак тэхнікі. Упершыню на выставачнай пляцоўцы адначасова прадэманструюць свае навінкі "Audi", "Mercedes-Benz" і "BMW". Традыцыйна першы дзень працы выставы быў адведзены для VIP-наведвальнікаў, квіткі каштавалі 60 тысяч рублёў.

У астатнія дні наведаць выставу можна будзе за 15 тысяч рублёў. Прычым сёлета арганізатарамі адменены асобны дзіцячы білет. Праўда, замест гэтага з 8 да 10 гадоў павялічаны ўзрост, да якога дзеці могуць трапіць на выставу бясплатна ў суправаджэнні бацькоў.