У Мінску арыштавалі аднаго з кіраўнікоў КДБ?

У Мінску на месцы злачынства затрыманы намеснік начальніка аднаго з ключавых упраўленняў КДБ. Яго арыштавалі пры атрыманні хабару ад жонкі аднаго з абвінавачваных, якія змяшчаюцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта паведамляе "Беларускі партызан". Арыштаваны намеснік начальніка 3-га Глаўка КДБ — гэта аператыўны аддзел Камітэта. Справу вядзе Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце — новая спецслужба Лукашэнкі. Арыштоўвалі чэкіста пры ўдзеле супрацоўнікаў МУС.
 
Як аператыўнік КДБ ўблытаўся ў справу аб хабары? Рэч у тым, што "амерыканка" — следчая турма КДБ — апошнім часас літаральна перапоўненая. Ніколі раней, за выняткам сталінскіх часоў, у ёй не было так шмат падследных — камерсантаў, супрацоўнікаў спецслужбаў і іншых падазроных.

Усё гэта спарадзіла спакусу ў некаторых супрацоўнікаў КДБ падзарабіць, аказваючы розныя сумнеўныя паслугі зняволеным. Так, затрыманы прапанаваў жонцы аднаго з затрыманых камерсантаў за 30 тысяч долараў памяняць арышт на падпіску аб нявыяздзе. Жонка камерсанта напісала заяву ў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце...