У Мінску будынак ХІХ стагоддзя знеслі экскаватарам (ФОТА, ВІДЭА)

Зруйнавала помнік архітэктуры "Мінская спадчына". Хаця Міністэрства культуры прадпісала "весці разборку ручным спосабам"



Прадпрыемства "Мінская спадчына" зруйнавала гэты помнік архітэктуры цішком — вечарам у мінулую суботу. Калі ў чыноўнікаў, якія тэарэтычна маглі спыніць беззаконне, быў выхадны. Барацьба за гэты дом ХІХ стагоддзя па вуліцы Рэвалюцыйная 24а ў Мінску, які афіцыйна з'яўляецца помнікам архітэктуры, вялася амаль паўгода.

Спачатку "Мінская спадчына" паспрабавала знесці дом увогуле без дазволу Міністэрства культуры (які павінен быць у выпадку з помнікамі архітэктуры). Калі грамадскасць падняла крык, "Мінская спадчына" заднім чыслом падала запыта на дазвол ва Ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры — і такі дазвол атрымала. Там чорным па белым значылася: "весці разборку будынка ручным спосабам", каб пасля выкарыстаць старую цэглу пры аднаўленні.

Следам за гэтым "Мінская спадчына" падганяе экскаватар — і руйнуе палову будынка. Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны не прымае ніякіх рэзкіх мераў. Адзінае што, руйнаванне прыпыняецца, і пэўны час будаўнікі сапраўды разбіраюць дом уручную.
У суботу, відаць, тэрміны падціснулі — і галоўны інжынер "Мінскай спадчыны" Міхаіл Жых даў будаўнікам вусны загад знесці дом экскаватарам. За тры гадзіны ад помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя засталася куча бітай цэглы... Адметна, што разам з будынкам былі знішчаныя і фрэскі ХІХ стагоддзя, якія выявіліся там у працэсе даследаванняў.





Пасля першай "экскаватарнай" рэканструкцыі. 10 снежня 2009 года



Пастанова Навукова-метадычнай рады, рашэнні якой АБАВЯЗКОВЫЯ для выканання


Чорным па белым: "разборку весці ручным спосабам"



Імёны тых, хто нясе персанальную адказнасць за ўсё, што адбываецца з помнікам архітэктуры



Вытрымка з іншай пастановы Міністэрства культуры, дзе яшчэ раз напісана — "ручным спосабам"