У Мінску футбалісты мачыліся на вачах у гледачоў

Першая ліга чэмпіянату Беларусі стартавала са скандалу. Перад матчам “Зорка”-БДУ (Мінск) - “Дынама-Белкард” (Гродна) гульцы гасцей “спраўлялі натуральную патрэбу” акурат перад трыбунамі.
Як паведамляе “Салідарнасць” са спасылкай на ”Прэсбол”, гэты сумны факт стаў прадметам разгляду на паседжанні дысцыплінарнага камітэта Беларускай федэрацыі футбола.

З прадстаўленых на разгляд дакументаў вынікала, што пасля размінкі, незадоўга да стартавага свістка арбітра, група дынамаўскіх гульцоў адышла да загараджальнай сеткі за варотамі і прынялася “спраўляць натуральную патрэбу” - на вачах у гледачоў.

Заўвагі працаўнікоў стадыёна футбалісты праігнаравалі. А міліцыя, судзячы па ўсім, зрабіла выгляд, што яе гэта не датычыцца. Разгляд на дысцыплінарным камітэце скончыўся для гродзенскага клуба штрафам у 30 базавых велічынь (930 тысяч рублёў).

Дарэчы, гэты “рытуал” гродзенскіх футбалістаў хоць і не танна каштаваў, але меў поспех: у тым матчы “Дынама-Белкард” перамагло - 2:1.