У Мінску мітынгавалі прадпрымальнікі. Онлайн-рэпартаж

У Мінску на плошчы Бангалор прайшоў мітынг прадпрымальнікаў. На ім была прынятая рэзалюцыя, падрыхтаваная грамадскім аб'яднаннем "Перспектыва". Прадстаўнік рэгіёнаў абвесціў пра падрыхтоўку акцыі, якая мусіць адбыцца 12 студзеня на Кастрычніцкай плошчы.
14.45. Мітынг, які вёў Анатоль Шумчанка, доўжыўся нядоўга. Была зачытаная рэзалюцыя, за якую прагаласавалі прысутныя. Галоўнае ў ёй - патрабаваць ад урада, каб зноў захавалі ім льготы на ўвоз прадукцыі з трэціх краін, каб далі магчымасць далей свабодна працаваць. Усю адказнасць за акцыі, якія магчымыя пасля новага года, калі ніякіх зменаў не будзе, у рэзалюцыі ўскладаецца на ўрад і кіраўніцтва краіны.

Шумчанка аб'явіў, што мітынг скончыўся. Але на сцэне з'явіліся лідэры яшчэ адной прадпрымальніцкай структуры - "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва". Яны патрабуюць, каб акцыя працягвалася, бо лічаць, што не былі выказаныя ўсе патрабаванні. На плошчы ў той час заставаліся пераважна прадстаўнікі рэгіёнаў.

Было заяўлена, што перанос на адзін год рашэння па ІП іх не задавальняе. Былі зачытаныя тэзісы новай рэзалюцыі: прыняць закон аб малым бізнэсе і не мяняць умовы працы на працягу пяці гадоў, вярнуць наёмным працаўнікоў, адмяніць ліцэнзаванне, прыбраць штрафныя санкцыі за нязначныя парушэнні. За іх прагаласавалі тыя дэманстранты, якія яшчэ заставаліся на плошчы.

14.30. Калона прадпрымальнікаў дайшла да плошчы Бангалор і там цяпер пачынаецца мітынг. На сцэне выступае Анатоль Шумчанка, кіраўнік грамадскага аб'яднання "Перспектыва". Паводле розных ацэнак, на плошчы сабраліся ад 3 да 7 тысяч чалавек.

14.00. Калона прадпрымальнікаў рухаецца па ходніках па вуліцы Сурганава. Па ўскрайку праезжай часткі яе суправаджаюць супрацоўнікі ДПС. Да дэманстрантаў працягваюць далучацца людзі і ў калоне цяпер каля 6-7 тысяч чалавек. Прадпрымальнікі скандуюць "Свабода!" і "Свабода бізнэсу!".

13.40. У Маршы прадпрымальнікаў удзельнічаюць каля трох тысяч чалавек. Яны рухаюцца па вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор, дзе мусіць адбыцца дазволены ўладамі мітынг.

13.30. Узнікла непаразуменне паміж лідэрамі прадпрымальніцкага руху. Віктар Гарбачоў і Алесь Таўстыка, якія прадстаўляюць арганізацыю "За свабоду прадпрымальніцтва", не падтрымалі Анатоля Шумчанку, кіраўніка грамадскага аб'яднання "Перспектыва". Каля 20 чалавек на чале з Гарбачовым і Таўстыкам заставаліся стаяць каля Акадэміі навук, яны не захацелі ісці на плошчу Бангалор, паведамляе наш карэспандэнт Зміцер Панямонаў. Па словах Таўстыкі, яны не дамовіліся з Шумчанкам наконт далейшых дзеянняў. У Шумчанкі ўжо гатовая рэзалюцыя па выніках сённяшняга шэсця, а прадстаўнікі "За свабоду прадпрымальніцтва" не пагадзіліся з ужо складзеным дакументам. У іх ёсць свае меркаванні, якую рэзалюцыю трэба складаць.

Перш за ўсё, па словах Таўстыкі, яны будуць звяртацца у Палату прадстаўнікоў с заявай свайго бачання, як павінен развівацца малы і сярэдні бізнэс у Беларусі. Яны таксама збіраюцца накіроўваць свае напрацоўкі ў Адміністрацыю прэзідэнта са спадзяванннем, каб да канца года былі перагледжаны асноўныя артыкулы закона аб прадпрымальніцтве, і каб прадпрымальнікам стварылі спрыяльную атмасферу для працы. Яны кажуць, што трэба настойваць на тым, каб дэпутаты і адміністрацыя найхучэй разгледзілі іх прапановы і зрабілі нешта канкрэтнае.

Гарбачоў сказаў, што яны будуць асобна у сваёй групе суправаджаць тых прадпрымальнікаў, якія далучыліся да маршу "Перспектывы" і звонку назіраць і слухаць тое, што адбываецца і гаворыцца.

13.15. Каля Акадэміі навук сабраліся каля 600 чалавек-удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў. З'явіўся кіраўнік грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, які ўзняў сцяг з надпісам "Марш прадпрымальнікаў". Таксама над натоўпам відаць сцягі "За свабоду прадпрымальніцтва". Аб'явілі, што будуць чакаць, пакуль збярэцца болей людзей.

13.00. Каля Акадэміі навук сабраліся каля 300 чалавек-удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў. Супрацоўнікаў міліцыі пакуль не відаць, але за будынкам Акадэміі навук наш карэспандэнт Зміцер Панямонаў пабачыў аўтамабілі са спецназам і супрацоўнікамі ДПС.

***

15 снежня , у панядзелак у Мінску адбудзецца марш прадпрымальнікаў — пры любым надвор'і і любых умовах. Лідэр аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка напярэдадні падзеі распаўсюдзіў адмысловую заяву, паведамляе "Беларускі партызан".

Нагадаем, што прадпрымальнікі маюць намер прайсці ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор і там правесці мітынг. Збор удзельнікаў прызначаны на 13.00 каля станцыі метро "Акадэмія навук". Шумчанка заклікае не верыць супакойвальным заявам чыноўнікаў.

Па словах Шумчанкі, марш і мітынг ладзяцца таму, што ўлада так і не знайшла ў сабе сілы падпісаць закон, які дазваляе працаваць прадпрымальнікам на ранейшых умовах. Заявы чыноўнікаў наконт праблем прадпрымальнікаў А.Шумчанка расцэньвае як спробу збіць напал барацьбы перад Маршам прадпрымальнікаў.

Мэта акцыі — данесці да ўладаў і грамадзянаў катастрафічнасць становішча і запатрабаваць захавання ранейшых умоваў працы для індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле падлікаў "Перспектывы", пасля Новага года сотні тысяч прадпрымальнікаў у Беларусі стануць беспрацоўнымі альбо апынуцца на грані спусташэння з-за новых умоваў дзейнасці.

Шэсце і мітынг прадпрымальнікаў будуць ладзіцца выключна пад эканамічнымі лозунгамі. Тым не менш улады пачалі падганяць да Акадэміі навук аўтазакі і аўтобусы з міліцыяй.


Фота — photo.bymedia.net