У Мінску немагчыма купіць цэмент

Міністэрства эканомікі 5 чэрвеня зацвердзіла адзіныя рознічныя цэны на цэмент. Гэтае рашэнне прынята з мэтай упарадкавання гандлю цэментам і прывядзення рознічных цэн у адпаведнасць з рэальнымі затратамі на вытворчасць, спажывецкім попытам і кан'юнктурай унутранага і знешняга рынкаў.
Цэны на цэмент устаноўлены ў залежнасці ад яго віду, маркі і расфасоўкі. Адзіныя рознічныя цэны на цэмент дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі Беларусі і абавязковыя да прымянення ўсімі суб'ектамі гаспадарання і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія рэалізуюць цэмент беларускай вытворчасці насельніцтву.

Пры парушэнні дзейнага парадку цэнаўтварэння на цэмент да суб'ектаў гаспадарання і індывідуальных прадпрымальнікаў будуць прымяняцца прадугледжаныя заканадаўствам адпаведныя меры адказнасці: эканамічныя санкцыі, адміністрацыйныя штрафы, пазбаўленне ліцэнзіі на права ажыццяўлення рознічнага гандлю.

Аднак, тым часам, па інфармацыі агенства “Інтэрфакс” на сталічных рынках амаль не магчыма набыць цэмент. А там, дзе ён ёсць розніца ў коштах дасягае амаль 8 тысяч беларускіх рублёў за 50 кілаграм. Прычым цэмент падаражаў.

Як піша сёння газета “Комсомольская правда в Беларуси”, разам з падаражаннем цэменту павялічыцца кошт на кватэры. Напрыклад, калі двухпакаёвая кватэра каштуе 70 тысяч долараў, то з-за падаражання цэменту давядзецца пераплаціць 1400 долараў.