У Мінску пачынаецца Беларускі міжнародны фэст тэатраў лялек

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек да свайго 70-годдзя падрыхтаваў падарунак для гледачоў. Ад 3 па 8 кастрычніка сцэна тэатра стане пляцоўкай для V Беларускага міжнароднага фэсту тэатраў лялек. Акрамя беларускіх калектываў, свае спектаклі пакажуць артысты з Расіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Індыі. Два дзясяткі пастановак будуць ісці таксама на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

На адкрыцці форуму мінскія лялечнікі пакажуць спектакль 'Балада аб белай вішні' Святланы Клімковіч у пастаноўцы Аляксея Ляляўскага.

Фэст мае даволі даўнюю гісторыю, але апошняе, чацвёртае па ліку, свята праходзіла ў 1999 годзе. Цяпер фэст ізноў вяртаецца ў беларускую сталіцу.

"Мінск—навіны"