У Мінску прагназуецца затапленне некалькіх вуліц і плошчы Бангалор

Затапленне некалькіх вуліц прагназуецца ў Мінску. Прычынай гэтага стануць моцныя дажджы і навальніцы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўніца прэс-службы сталічнай ДАІ Жана Трайно:

"Нам прыйшла зводка Гідраметэацэнтру, што ў бліжэйшыя суткі ў Мінску магчымыя моцныя дажджы. Іншы раз ліўневая каналізацыя не спраўляецца і адбываецца падтапленне некаторых вуліц. Плошча Бангалор у спісе ёсць, праспект Дзяржынскага ў раёне Маскоўскага выканкама".


Таксама найбольш пацерпяць вуліцы Няміга, Харкаўская, Сталетава, перакрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Ігнаценкі, праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага, вуліцы Маскоўскай і вуліцы Талстога.

Сталічнае ДАІ парэкамендавала падчас моцных дажджоў пазбягаць паездак па гэтых участках дарог.