У Мінску прайшоў канцэрт супраць гвалту ў сям'і

Міні-канцэрт "Больш ні гуку!" прайшоў 12 снежня ў сталічнай музычнай краме "Містэрыя гуку". У канцэрце ўзялі ўдзел гурты Cherry Vata, Клёндайк і Litesound. Гэта акцыя, арганізаваная Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі сумесна з "Радыё ОНТ", завяршыла інфармацыйную кампанію супраць хатняга гвалту, што стартавала 25 лістапада. Гэтая кампанія праводзіцца трэці год па ініцыятыве розных агенцыяў ААН. Як зазначыла прадстаўніца Фонду ААН па насельніцтву (ЮНФПА) Таццяна Пранько, паводле даследавання, праведзенага ПрААН сумесна з БДУ, кожная чацвёртая жанчына ў Беларусі церпіць ад фізічнага гвалту ў сям'і. Існуюць і іншыя віды хатняга гвалту — эканамічны, псіхалагічны і сексуальны. Псіхалагічны гвалт у сям'і церпяць чатыры з пяці апытаных жанчын.

Кожны, хто прыйшоў на канцэрт, атрымаў дыск "Выключы гвалт ў сям'і". Альбом зроблены сумесна з беларускімі музыкантамі. Atlantica, Клёндайк, Cherry Vata, Litesound, Drum Ecstasy, Аляксандр Патліс, Аляксей Шадзько, Каця Пытлева, Індыга, Зміцер Вайцюшкевіч далі свае кампазіцыі. Апрача музыкі, на дыску ёсць відэазвароты музыкаў, якія гавораць аб недапушчальнасці гвалту.
БелаПАН