У Мінску прайшоў мітынг прадпрымальнікаў

Каля дзвюх тысяч прадпрымальнікаў сабраліся сёння ў сталічным парку Дружбы народаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з арганізатараў акцыі Анатоль Шумчанка. ІП пратэставалі супраць указа прэзідэнта, які з 1 студзеня 2008 года забараняе прадпрымальнікам выкарыстоўваць наёмных работнікаў, акрамя блізкіх сваякоў. Пры гэтым нельга наймаць больш за трох чалавек.

Анатоль Шумчанка: “На мітынгу прысутнічалі прадстаўнікі рэгіёнаў, прадпрымальнікі з кожнага абласнога цэнтру, а таксама прадстаўнікі сталічных рынкаў і выстаў. Мы склалі рэзалюцыю, у якой патрабуем сустрэчы з прэзідэнтам і адмены пункта па блізкіх сваяках”.

Адзначым, што мітынг прадпрымальнікаў прайшоў у панядзелак, калі на рынках выхадны дзень.