У Мінску прэзентавалі кнігу пра падарожніка Адольфа Янушкевіча

Прэзентацыя кнігі Ганны Матусевіч "Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргіскіх стэпаў" прайшла ў Мінску 23 студзеня.У ілюстраванае выданне ўвайшлі лісты беларускага шляхціча — ўдзельніка антырасійскага паўстання 1830—1831 гг., падарожніка і пісьменніка, выхадца з Нясвіжа Адольфа Янушкевіча(1803—1857). Ён быў высланы ў Сібір, правёў там амаль 25 гадоў і толькі за год да смерці вярнуўся дадому ў вёску Дзягільна, што пад Койданавам. У 1861 г. таварыш А.Янушкевіча па вучобе ў Віленскім універсітэце Фелікс Уратноўскі выдаў яго ліста ў Парыжы, другім пашыраным выданнем яны выйшлі ў Берліне ў 1875 г.

У дзённікавых запісах і лістах А.Янушкевіч не толькі апісаў побыт казахаў і іх культуру, але і абараняў мясцовых жыхароў ад самавольства баеў і царскай адміністрацыі. А.Янушкевіч паслужыў прататыпам рэвалюцыянера Адольфа ў паэме Адама Міцкевіча "Дзяды".

Як адзначыў гісторык Мікола Крывальцэвіч, Ганне Матусевіч удалося атрымалася захаваць дух эпохі і мову рамантычнай літаратуры першай паловы XIX ст. "Герой кнігі, які ўваходзіў у склад Таварыства філарэтаў і меў зносіны з Іяганам Гётэ, Адамам Міцкевічам і Юліюшам Славацкім, пасля чатырохгадовага падарожжа па Еўропе вярнуўся на радзіму, а калі пачалося паўстанне, выканаў свой грамадзянскі абавязак, узяў зброю і пайшоў ваяваць. Ён захаваў годнасць, людскасць і грамадзянскую адказнасць", — сказаў навуковец.



На думку М.Крывальцэвіча, заслугоўваюць занясення ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь парэшткі маёнтка А.Янушкевіча і старажытных могілкаў з родавым склепам Янушкевічаў у Дзягільна. "У гаспадарчым будынку маёнтка мы плануем адкрыць Музей Адольфа Янушкевіча", — паведаміў М.Крывальцэвіч.

Паводле кандыдата гістарычных навук Кастуся Цвіркі, у Алматы імя А.Янушкевіча ўшанаванае ў назве вуліцы, на казахскай мове выдадзеная кніга пра яго. Апрача таго, плануецца ўзвядзенне помніка А.Янушкевічу, які дасканала ведаў казахскую мову і сустракаўся з бацькам народнага акына Абая Кунанбаева.

БелаПАН.