У Мінску створаны праваабарончы цэнтр "Свабода сумлення"

У Мінску створаны праваабарончы цэнтр "Свабода сумлення". Яго ўзначаліў юрыст Сяргей Луканін.

Па яго словах, якія прыводзіць БелаПАН, незалежныя юрысты цэнтра будуць абараняць правы грамадзян на свабоду веравызнання. Цэнтр будзе дбаць аб прывядзенні рэлігійнага заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і міжнароднымі стандартамі. Гэтую задачу плануецца ажыццяўляць на міжнародным узроўні, у тым ліку праз структуры Еўрасаюза і Кангрэс ЗША, сказаў юрыст.

У выпадку адмовы беларускіх уладаў зарэгістраваць цэнтр, будуць зробленыя высілкі па наданні яму афіцыйнага статусу па-за межамі краіны.

С.Луканін нагадаў, што 25 красавіка суд аштрафаваў на 10 базавых велічынь (350 тыс.руб.) япіскапа рэлігійнага Аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Беларусі і пастара сталічнай царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку за адмову пусціць у будынак царквы прадстаўнікоў "Энерганагляду". Акрамя таго, 25 красавіка быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь (1 млн. 400 тыс. руб.) С.Луканін за арганізацыю збору подпісаў па змене рэлігійнага заканадаўства. Прычым пастанову суддзя вынес у адсутнасць C.Луканbна, які знаходзіўся за межамі Беларусі. Раней па гэтым жа абвінавачанні на 40 базавых велічынь кожны былі аштрафаваныя палітык Павел Севярынец і япіскап В.Ганчарэнка.