СМІ: у Мінску ў супермаркеце "Еўраопт" адбылася масавая бойка

Масавая бойка моладзі адбылася ўвечары 12 красавіка каля супермаркета "Еўраопт" на вуліцы Налібоцкай у Мінску. Як піша nn.by, у "разборках" удзельнічалі як хлопцы, так і дзяўчаты ад 15 да 25 гадоў.

Спярша маладыя людзі біліся каля крамы а потым меншая іх частка адступіла ў сам "Еўраопт". Пераследнікі таксама ўварваліся ў краму, і бойка працягнулася каля касаў. Міліцыі пры гэтым не было, а суцішыць бойку спрабавалі работнікі крамы і наведнікі. Каб не выпусціць важака адной з груповак, яго праціўнікі ачапілі выхады крамы. Аднак хлопец здолеў вырвацца і ўцячы ў напрамку вуліцы Прытыцкага.

Бойка на гэтым сціхла, але маладыя людзі яшчэ нейкі час працягвалі тусавацца каля "Еўраопта".

Фота — fan_at.blog.tut.by