У Мінску ўжо няма дзе правесці легальны пікет?
Мінгарвыканкам адмовіў Мінскай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" у правядзенні пікета на плошчы Бангалор.
Намстаршыні партыі Валерый Ухналёў назваў гэтую адмову "поўным безграніччам", бо заяўку падавалі на правядзенне пікета ў месцы, вызначаным самім Мінгарвыканкамам.
Як паведаміў UDF.By намстаршыні мінскай партыйнай арганізацыі Віктар Кавалькоў, пікет мусіў прайсці 5 лютага на плошчы Бангалор з боку вуліцы Багдановіча. Мэта яго — выказаць пратэст супраць парушэння правоў і свабод грамадзянаў Беларусі, патрабаваць вызвалення палітвязняў.
У адказе Мінгарвыканкама за подпісам намстаршыні Уладзіміра Каўтовіча адмова матываваная тым, што "правядзенне пікетавання на плошчы Бангалор будзе ствараць перашкоды для транспартнага руху па вуліцах Багдановіча, Сурганава і Арлоўскай".