У Мінску за суткі 5 чалавек выкінуліся з шматпавярховых дамоў

Пяць спробаў самагубства было здзейснена за мінулую нядзелю ў Мінску. У двух выпадках людзі загінулі - 90-гадовая бабуля выкінулася з 9-га паверху, а 39-гадовы мужчына - з 7-га.  Яшчэ трое мужчын, якія ў розных раёнах Мінску здзейснілі спробы самагубстваў, выкінуўшыся з шматпавярховых дамоў, з цяжкімі траўмамі дастаўленыя ў бальніцы.

"Інтэрфакс" нагадвае, што Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па колькасці выпадкаў суіцыду на 10 тысяч насельніцтва. Штогод у нашай краіне фіксуецца больш за 3 тысячы спробаў самагубства. На першым месцы па колькасці выпадкаў суіцыду знаходзіцца Літва, на другім - Расія.

Сярод прычын, якія падштурхоўваюць людзей да самагубства, на першым месцы дэпрэсіўны стан і рэакцыя на праблемы ў асабістым і сацыяльным жыцці, ужо пасля ідзе залежнасць ад алкаголю і псіхаактыўных рэчываў, а таксама псіхічныя захворванні.