У Мінску затрымалі назіральніка Аляксандра Таўстыку

Прадпрымальнік Аляксандр Таўстыка, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета Алеся Лагвінца, быў затрыманы вечарам 24 красавіка на ўчастку для галасавання № 27 Сухараўскай выбарчай акругі № 30 у Мінску.  Як паведамляе БелаПАН, Таўстыка, які назіраў за датэрміновым галасаваннем, зрабіў заўвагу намесніку старшыні камісіі, калі ў кабінку адначасова зайшлі два чалавекі. Праз 20 хвілін з'явілася старшыня камісіі Аксана Кокарава, якая стала абвінавачваць Аляксандра Таўстыку ў "парушэнні грамадскага парадку" і выклікала міліцыю.

Цяпер назіральнік, на якога быў складзены пратакол аб "дробным хуліганстве", знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Суд над ім мусіць адбыцца ў панядзелак.