У Мінску завяршылася эпідэмія грыпу

Эпідэміёлагі абвясцілі аб заканчэнні эпідэміі вострых рэспіраторна-вірусных інфекцый і грыпу ў Мінску. Пра гэта "Інтэрфаксу" паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка. Апошнія некалькі дзён колькасць захварэлых не перавышае парогавых значэнняў, падкрэсліла эпідэміёлаг. Разам з тым яна ўдакладніла, што "ў Мінску рэгіструецца 3-3,5 тыс. захворванняў на ВРВІ і грып у дзень, у пік эпідэміі гэтая лічба складала 13-14 тысяч".

З 2 па 30 лістапада ў Мінску на ВРВІ і грып перахварэлі 177 тысяч чалавек, што складае 9,5% ад агульнай колькасці насельніцтва сталіцы, паведаміла Фісенка. Эпідэміёлагі характарызуюць эпідэмію як "умеранай інтэнсіўнасці, але за кароткі перыяд".