У Мінску згарэў склад пластыкавых вырабаў (відэа)
Пажар тушылі амаль тры гадзіны.
Склад пластыкавых вырабаў на вуліцы Інжынернай, 23 у Мінску згарэў у гэтыя выходныя. Здарэнне адбылося ў ноч на суботу, 20 чэрвеня. Адбылося ўзгаранне гатовай прадукцыі, якая належала прадпрыемству “Крыптол”. Пажар ахапіў плошчу ў 300 квадратных метраў, на яго тушэнне выехала болей за 10 адзінак спецыяльнай тэхнікі, на месцы здарэння працавалі каля 50 супрацоўнікаў МНС.
Агонь збілі дастаткова хутка, але для поўнай ліквідацыі пажару спатрэбілася каля трох гадзінаў, бо пластыкавыя вырабы лёгка гарэлі.
Пажар пашкодзіў пластыкавы посуд для кухні, навагоднія ёлкі і ўпрыгожанні да іх, ландшафтныя фігуркі, а таксама аўтамабільная касметыка – растваральнікі, паліролі, антыкаразійныя сродкі і змазкі.
Прычына пажару высвятляецца, паведамляе прэс-служба МНС.