У Мядзельскім раёне быў падстрэлены расiянін

11 студзеня, у Мядзельскім раёне куля трапіла паляўнічаму ў твар. Пра гэта расказаў пракурор раёна Анатоль Івашкевіч у інтэрв’ю "Рэгіянальнай газеце". На месца здарэння адразу выехала аператыўная група міліцыі і следчы пракуратуры Мінскай вобласці па Мядзельскім раёне Іван Малафей. Па словах Івашкевіча, вядома, што паляўнічыя – расіяне, якія палявалі ў Нарачанскім нацыянальным парку па пуцёўцы.

Па папярэдніх дадзеных, куля трапіла пацярпеламу ў твар, яго адвезлі на аперацыю ў бальніцу. Пракурор раёна кажа: магчыма, куля зрыкашэціла ад якога-небудзь прадмета. Самі ж паляўнічыя сцвярджаюць: здарыўся самастрэл. Але Івашкевіч не выключае іншых версій, таму даў заданне свайму следчаму паехаць і разабрацца на месцы.