У мюзіклу U2 Рыў Кэрні выканае ролю Чалавека-Павука

Выканаўцам ролі Пітэра Паркера ў брадвейскай пастаноўцы мюзікла пра Чалавека-Павука стане 26-гадовы акцёр і музыка Рыў Кэрні (Reeve Carney), паведамляе The New York Times. Рашэнне было прынята 6 лістапада на нарадзе прадзюсераў праекту, якую шматлікія крытыкі назвалі вырашальнай у лёсе спектакля.

Аўтарамі мюзіклу “Spider-Man: Turn Off the Dark” выступілі музыкі гурта U2 Бона і Эдж. Рэжысёрам раней была абраная Джулія Тэймар, вядомая па фільмах "Фрыда" і "Скрозь сусвет". Сяброўку супергероя Мэры Джэйн Уотсан сыграе актрыса Эван Рэйчэл Вуд, злыдня Зялёнага Гобліна - Алан Камінг. Пасля нарады было абвешчана, што галоўным прадзюсерам шоў будзе Майкл Кол (Michael Cohl), прамоўтэр рок-канцэртаў, набліжаны да U2 і The Rolling Stones.

Бюджэт праекту ацэньваецца ў 40 мільёнаў долараў: мюзікл абяцае стаць самай дарагой пастаноўкай за гісторыю Брадвею. Тым не менш, амерыканская прэса паведамляла, што грошай на спектакль пакуль знайсці не могуць. Так, яшчэ да прадзюсерскай нарады The Los Angeles Times пісала, што для шоў бракуе 24 мільёнаў долараў. З-за фінансавых цяжкасцей дакладная дата яго прэм'еры дагэтуль не вызначаная; Майкл Кол абвясціў толькі, што праца над спектаклем пачнецца ў 2010 годзе.

Фота: www.simohen-art.com