У Навагрудку адкрылі музей на месцы падземнага тунэля

У Навагрудку адкрылі незвычайны музей. Ён месціцца на месцы легендарнага тунэля, праз які ў верасні 1943 года з мясцовага гета збеглі ў лес 250 чалавек.

Экспазіцыя займае адзін з трох пакояў у бараку, дзе знаходзіўся ўваход у падземны ход. Дарэчы, яго працягласць каля 200 метраў, вышыня — палова чалавечага росту, а шырыня — каля 70 сантыметраў.

Сем гадоў таму тунэль адшукалі мясцовыя гісторыкі. А ідэя стварэння музея належыць грамадзяніну Вялікабрытаніі Джэку Когану, які сам быў у навагрудскім гета, але выратаваўся разам з іншымі вязнямі.

За некалькі дзён працы з экспазіцыяй ужо пазнаёміліся больш за сто чалавек. У планах музейных работнікаў стварэнне сайта ў інтэрнэце, дзе наведвальнікі ў віртуальнай рэальнасці змогуць прайсці шляхам вязняў гета на волю.

ОНТ