У Навасібірску забаранілі выступ Андрэя Макарэвіча
Вядомы музыка павінен быў прачытаць лекцыю перад студэнтамі.
Выступ лідэра "Машыны часу" Андрэя Макарэвіча і семінар доктара Лізы ў рамках праекта "Адкрытая лекцыя" ня адбудуцца ў Новасібірску, паведамілі на сваім сайце арганізатары праекта. "Адкрытая лекцыя" Андрэя Макарэвіча і "Адкрытыя семінары" Лізаветы Глінкі (вядомай як доктар Ліза) і дацэнта факультэта псіхалогіі МДУ Сяргея Енікалопава павінны былі прайсці 28-29 кастрычніка на пляцоўцы "Академпарка" - тэхнапарку новасібірскага Акадэмгарадка.
Паводле інфармацыі арганізатараў, на мерапрыемствы зарэгістраваліся больш за 400 чалавек.
Арганізатары лекцый заяўляюць, што ў іх няма прэтэнзій да кіраўнікоў тэхнапарку, на якіх, "быў аказаны ціск", паведамляе ВВС. Як піша куратар праекта "Адкрытая лекцыя" Кацярына Гардзеева, за адмовай у прадастаўленні пляцоўкі стаяць улады рэгіёну і супрацоўнікі спецслужбаў.
Андрэй Макарэвіч адкрыта крытыкуе расійскія ўлады за палітыку ў дачыненні да Украіны, за што неаднаразова зведваў ціск і нават абвінавачванні ў здрадніцтве.