“У нескладовае” пакажа аднайменны кліп ужо ў верасні(+фота)

Гурт “У нескладовае” завяршае здымкі кліпа на аднайменную песню і плануе прэзентаваць яго ўжо ў верасні. Паводле словаў фронтмэна каманды Рамана Арлова, амаль увесь відэаматэрыял быў зняты ў Маскве беларускім кліпмэйкерам Мікалаем Батвіннікам. На наступным тыдні здымачная група пераедзе ў Мінск, каб завяршыць працэс.

Раман Арлоў: “99 адсоткаў знята кліпа на песню “У нескладовае”. На наступным тыдні адбудуцца даздымкі гэтага кліпу ў Мінску. Пасля гэтага пачнецца мантаж. Я спадзяюся, што на пачатку верасня ўжо нешта можна будзе прэзентаваць”.

Віктар Рудэнка ў працэсе здымак кліпа на "У нескладовае"

Нагадаем, паралельна “У нескладовае” працуе над відэа на песню “Не кожны”, здымкі якога таксама адбываюцца ў Маскве. Рэжысёрам гэтага відэа выступае Віталь Чыжоў, а ў галоўнай ролі кліпа заяўлены расійска-украінскі акцёр, зорка фільмаў “Антыкілер-3” і “Брыгада-2” Сяргей Бадзюк.

Раман Арлоў:
“Толькі што размаўляў па тэлефоне са сваім даўнім сябрам Віталём Чыжовым, які ў Маскве працягвае дамаўляцца з акцёрам Бадзюком пра працяг здымкаў кліпа на песню “Не кожны”.

Апроч кліпаў, музыкі “У нескладовага” актыўна працуюць над запісам дэбютнага альбома, які ў кастрычніку выйдзе на лэйбле “West Records”. Пласцінка будзе прэзентавана ў Мінску і Маскве.