У новым музеі ў Гродне выставяць унікальны габелен

У лёхах Брыгіцкага касцёла ў Гродне з’явіцца ўнікальны музей. Адкрыццё прымеркавана да стогадовага юбілею працы манашак-назарэцянак.
Экспазіцыю складуць рэчы, якія належалі сёстрам ордэну святой Брыгіты, якія жылі тут з 1636 да 1842 года, пакуль іх кляштар не быў забаронены царскім указам. Неафіцыйна музей існуе ужо некалькі год. У ім захоўваецца рэдкі габелен XVI стагоддзя з выявай знятага з крыжу Хрыста, памерам пяць на тры метры.

Цяпер ён знаходзіцца на рэстаўрацыі, пасля чаго будзе вывешаны ў касцёле. Музей захаваў старую мэблю, машынкі для друку і тэлефон пачатку XX стагоддзя. Таксама ў экспазіцыю трапяць каля 30 абразоў Паўлы Гажыч, мастачкі, якая пастрыглася ў назарэцянкі. Астатнія стануць экспазіцыяй музею. Праўда, трапіць у музей пакуль можна будзе толькі па папярэдняй дамоўленасці.