У нядзелю ў Баранавічах развітаюцца з загінулымі лётчыкамі

Цырымонія развітання з загінулымі лётчыкамі падпалкоўнікам Сяргеем Каваленкам і маёрам Аляксандрам Жыгайла пройдзе раніцай у нядзелю ў былым баранавіцкім Доме афіцэраў, паведамляе сайт intex-press.by.
Нагадаем, знішчальнік МІГ-29 разбіўся 23 верасня каля вёскі Радзялавічы Ганцавіцкага раёна. Экіпаж адвёў самалёт ад населеных пунктаў у раён лясоў і балот, лётчыкі загінулі.

МІГ-29 быў прыпісаны да 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, якая дыслакуецца ў Баранавічах. Абставіны трагедыі цяпер вывучае спецыяльная камісія.

Пасля развітальнай цырымоніі цела Аляксандра Жыгайла пахаваюць на могілках у Магілёве, а Сяргея Каваленку пахаваюць у Бярозе.