У Нью-Ёрку пакажуць незалежнае беларускае кіно

У другі раз у Нью-Ёрку пакажуць дакументальныя і анімацыйныя фільмы, зробленыя ў краінах былога СССР. "Мы хочам даць слова стваральнікам фільмаў, якія раскажуць аўтэнтычныя ўнікальныя гісторыі ўсходнееўрапейскага вопыту", -  пазначана мэта фэстывалю на афіцыйным сайце.

У праграме кінафэста – дзве працы беларускіх рэжысёраў. "Вакацыі" Уладзіміра Казлова расказваюць гісторыю падлеткавай пары ў маленькім прамысловым горадзе. А таксама "Hush City" ("Ціхі горад") Іллі Андрэева. Апошні "паўфільм", як назваў яго сам аўтар, выйшаў ў 2008 годзе і стаў сапраўднай "бомбай" сярод карыстальнікаў байнэту.