У Нью-Ёрку выступілі ў абарону беларускай незалежнай прэсы

Камітэт абароны журналістаў заклікаў Еўрасаюз паставіць дыпламатычныя і гандлёвыя стасункі з Беларусі ў залежнасць ад вызвалення арыштаваных журналістаў і спынення пераследу незалежнай прэсы, перадае БелаПАН. Гаворка ідзе пра неадкладнае вызваленне Ірыны Халіп, Наталлі Радзінай і іншых журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, паведамляе сайт камітэта.

Рэдактару інтэрнэт-сайта charter97.org Радзінай і карэспандэнту расійскай "Новой газеты" Халіп выставілі абвінавачванне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

Каардынатар еўрапейскай і цэнтральнаазіяцкай праграмы камітэта Ніна Агнянава заклікала таксама да "неадкладнага спынення ўсіх палітычна матываваных уварванняў у незалежныя рэдакцыі і хаты журналістаў і вяртання ўсяго канфіскаванага абсталявання".

Камітэт абароны журналістаў — некамерцыйная арганізацыя з штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. Дэкларуе садзейнічанне свабодзе прэсы па ўсім свеце і абарону права журналіста на асвятленне навінаў без страху расправы.