У Оршы абвалілася частка моста праз Дняпро

Мост, які злучае раён ільнокамбіната і спальныя мікрараёны Задняпроўя, ужо не адзін дзясятак гадоў знаходзіцца ў аварыйным стане. Праз яго людзі штодня дабіраюцца з працы і на працу. На "Дажынкі" ў 2008 годзе мост нібыта быў рэканструяваны.



Цяпер перайсці мост пешшу немагчыма. Адзін бок закрыты для пешаходаў ужо даўно, адзначае Радыё "Свабода". А цяпер міліцыя перакрыла прагалы ад парэнчаў жалезнымі загарадкамі і не дазваляе ісці паўз іх па ходніку — людзі мусяць рухацца па праезнай частцы побач з аўтамабілямі.



Транспартны рух па мосце абмежаваны: вісяць знакі забароны праезду для грузавога транспарту, а таксама знакі абмежавання вагі — да 10 тон. Аднак на практыцы знакі ігнаруюцца: па мосце ездзяць і фуры, і пасажырскія аўтобусы. Паводле тэхнічных характарыстык, гарадскія аўтобусы МАЗ могуць важыць разам з пасажырамі і 18, і 28 тон.



Аршанцы звярталіся са скаргамі ў гарвыканкам, але чыноўнікі адказалі, што на гэта трэба больш як 105 мільярдаў рублёў. У 2013 годзе на гэтыя мэты з абласнога бюджэту вылучана 5 мільярдаў рублёў. Адпаведна, рамонт рабіць няма за што, і ён зноў адкладаецца.



Фота — svaboda.org