У панядзелак увечары на АНТ зноў распавядалі пра Плошчу

Вечарам у панядзелак на тэлеканале АНТ у эфіры з’явіўся прапагандысцкі фільм "Як ёсць: Тэхналогіі пераваротаў". Яго аўтар — журналіст тэлеканала Аляксей Міхальчанка, паведамляе Наша Ніва.

У перадачы найперш гаворыцца, што з Захаду нам ідзе нянавісць да ўсіх і да ўсяго. І распаўсюджваць гэтую нянавісць у краіне ўзяліся мясцовыя апазіцыянеры. А хто іх падтрымлівае? "Зборышча бежанцаў, як ЗША".

Фільм аздоблены вялікай колькасцю кадраў з незалежных СМІ, такіх як Еўрарадыё, Белсат, НН.

Міхальчанка лічыць, што "Някляеў, як паэт, даўно выдахся". Зноў прыводзяцца цытаты з публікацый ў "СБ".

Шмат увагі аддаецца Аляксандру Фядуту як чалавеку, які выбіваў грошы пад Някляева.

Зноў распавядалася, што за вылучэннем Саннікава стаяла ягоная жонка Ірына Халіп. Таксама было вылучана два "зіц-старшыні": Віталь Рымашэўскі і Яраслаў Раманчук, за якімі стаялі "нацыянал-ідэаліст" Павел Севярынец і "ветэран апазіцыі" Аляксандр (так у фільме) Лябедзька.

Аўтар фільму прыходзіць да высновы, што сцэнар з патрабаваннем новых выбараў даўно быў распрацаваны апазіцыяй і еўрапейскімі чыноўнікамі. У прыватнасці, Ежы Бузкам, якому звыкла з часоў "Салідарнасці" змагацца за грошы ЦРУ.

Тым не менш, "белакачанныя і брусэльскія рэвалюцыі" ў нас не пройдуць, бо мы не нейкі "бананавы Эквадор", робіць выснову аўтар.