У паўфінале “ЕўраФэста” “Палац” выступіць пад 12-м нумарам

Сёння адбудзецца канцэрт паўфіналістаў тэлевізійнага музычнага праекта “ЕўраФэст” – нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні “Еўрабачанне-2008”. Жывая трансляцыя пачнецца ў 21.45 на Першым тэлеканале.
Учора ў Белтэлерадыёкампаніі адбылося лёсаванне, у выніку якога кожны з паўфіналістаў атрымаў парадкавы нумар, пад якім ён будзе выступаць на канцэрце.

Яго распачне гурт “The Champions”, пад другім нумарам выступіць Алена Валошына, далей – Юлія Гусева, дуэт Ганна Шаркунова і Герман Цітоў, Руслан Аляхно, Аксана Кавалеўская, гурт “PinCode”, Віктар Пшанічны, Gunesh, праект “Скандал”, гурт “По глазам”, гурт “ПАЛАЦ” (12 нумар), гурт “Dali”, Катрын. З 15-м нумарам завяршае канцэрт гурт “Litesound”.

Артыстам давядзецца выступаць у студыі Белтэлерадыёкампаніі пад фанаграму “мінус адзін”. Падчас канцэрта журы конкурсу будзе знаходзіцца ў іншай студыі і назіраць за тым, што будзе адбывацца, па тэлевізары, як і тэлегледачы, адзначае БелаПАН.

Нагадаем, фіналісты (2-3 выканаўцы) будуць вызначаныя па выніках інтэрактыўнага галасавання тэлегледачоў і галасавання журы.

Тэлегледачы змогуць аддаць свой голас за ўпадабанага выканаўцу пасля выступу ўсіх удзельнікаў. Для гэтага трэба будзе патэлефанаваць на бясплатны нумар 8-803-100-03-ХХ (замест ХХ трэба набраць парадкавы нумар выканаўцы).