У Пінскім раёне змагаюцца з буслянкамі

Супрацоўнікі пінскіх электрасетак правялі прафілактычны рэйд па Пінскім раёне. Падчас інспекцыі электрыкі прыбіралі усе перашкоды, якія заміналі бесперабойнай падачы электрычнасці. У асноўным такімі перашкодамі з'яўляюцца бусліныя гнёзды на электрычных слупах. І электрыкі з аўтамабільных вышак баграмі скідвалі іх на зямлю. У адной толькі вёсцы Завідчыцы, падчас "карнай" аперацыі людзі знішчылі каля 20 гнёздаў.

Вяскоўцы пагаджаюцца з тым, што бяспека важней за ўсё. Аднак птушкам неабходна стварыць альтэрнатыву. Напрыклад, спецыяльныя пляцоўкі на электрычных слупах. А то праз некалькі год сімвал Беларусі наогул ня будзе вяртацца на радзіму.