У Пінску кантралёр затрымала “кішэнніка”

Адважная кантралёр пінскага аўтобуснага парка №3 затрымала кішэннага злодзея. Падчас чарговага рэйду высветлілася, што ў пасажыркі знік кашалёк з грашыма і праязным квітком.
Дасведчаная кантралёр заўважыла, што побач з небаракам стаяў маладзён, які падазрона сябе паводзіў і імкнуўся хутчэй выйсці з аўтобуса. Кантралёр перагарадзіла выхад і запатрабавала паказаць квіток.

Хлопец спрабаваў ужыць сілу і збегчы. Аднак жанчына абхапіла злодзея рукамі і трымала, пакуль не прыехала міліцыя. У абдымках кантралёра злодзей не здолеў пазбавіцца ад скрадзенага. Яму пагражае некалькі гадоў турмы. Смелая кантралёр за свой учынак атрымала грашовую прэмію і ганаровую грамату ад міліцыі.