У Польшчы долар вырас на 31%, а ў Беларусі ўсяго на 0,18%

За апошні месяц долар вырас усяго на 4 беларускія рублі – а гэта 0,18%. У той жа час, калі расійскі рубель вырас на 6,65%, а польскі злоты ўвогуле на 31%. Аказваецца, такая стабільнасць долара ў Беларусі звязаная з тым, што беларуская эканоміка прывязаная да долара. Пра гэта Еўрарадыё расказаў эканаміст Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту (ІПМ) Аляксандр Чубрык:

“Польскі злоты прывязаны да еўра. Расійскі рубель прывязаны да кошыка валют еўра і долара, а беларускі рубель прывязаны да долара. Атрымліваецца, што ў гэтых краінах, калі долар даражэе ў адносінах да еўра, то нацыянальная валюта будзе таннець у адносінах да долара і даражэць у пэўнай ступені ў адносінах да еўра. Гэта ў Расіі. У Польшчы злоты будзе таннець у адносінах да долара разам з патанненем еўра”.

На карэкціроўку валютнага курсу таксама ідуць запасы золатавалютнага рэзерву. У верасні Беларусь скарыстала больш за 600 мільёнаў долараў адтуль. Частка гэтых грошай і пайшла на стабілізацыю курсу валют, лічыць Аляксандр Чубрык. Аднак, калі б пачалася дэвальвацыя, рэзервы былі б страчаныя за тыдзень.