У Польшчы пабудуюць беларускую сінагогу
Копію іудзейскага храма з беларускай вёскі Воўпа паставяць у Люблінскім ваяводстве, у мясцовасці Білгорай.
Вядомы польскі мільярдэр Тадэуш Кузмінскі будуе ў Білгораі жылы раён, які будзе нагадваць польскі горад пачатку XX стагоддзя. Зараз ідзе будоўля “жыдоўскага рынку”. Вялікая частка драўляных аднапавярховых дамоў ужо ўзведзеная. На іх першым паверсе будуць знаходзіцца крамы і рэстараны, а на гарышчы будуць жыць людзі.
З’явяцца ў новым раёне таксама сінагога, праваслаўная царква і касцёл, паведамляюць польскія СМІ.
Сінагога будзе пабудавана па ўзору сінагогі ў Воўпе, якая была знішчана падчас вайны ці ў першыя гады пасля яе. Падрыхтоўка праекту стала магчымай дзякуючы дакументам, якія засталіся пасля рамонту сінагогі ў 1936 годзе.
Фундамент пад сінагогу ўжо пабудаваны. Пасля заканчэння працаў у сінагозе будзе размяшчацца музей білгорайскіх габрэяў.
Вядома, што ў Воўпе (Ваўкавыскі раён) пражывала вялікая габрэйская грамада, якая мела сінагогу, пабудаваную ў XVIII стагоддзі. Лічылася, што габрэйскія культавы будынак быў разбурана нацыянал-сацыялістамі падчас Другой сусветнай вайны. Але старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч адшукаў здымак воўпенскай сінагогі, які быў зроблены ў 1947 годзе.