У Польшчы прапануюць вярнуць цягнікі да Гродна
Гродна, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё
Самакіраванне Падляшскага ваяводства ў Польшчы прапануе аднавіць цягнікі да пасёлка Белавежа на мяжы з Беларуссю і — "у выпадку паляпшэння міжнароднага становішча" — да Гродна. Такія прапановы змяшчаюцца ў раскладзе руху цягнікоў у Польшчы на 2030-2040 гады, заўважыла выданне MOST.
"Самакіраванне ў рамках канструявання HRJ Міністэрствам інфраструктуры прапанавала пасля выканання рамонту ліній запуск цягнікоў далёкага накіравання да Белавежы, Ломжы і — у выпадку паляпшэння міжнароднага становішча — да Гродна", — паведаміла прэс-сакратар Маршалкоўскага ўпраўлення Падляшскага ваяводства Малгажата Пултарак.
Пасажырскае чыгуначнае злучэнне паміж Польшчай і Беларуссю было перапыненае ў сакавіку 2020 года праз пандэмію COVID-19. Пазней пачаўся міграцыйны крызіс, які перашкодзіў аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў. Тым часам таварныя цягнікі па-ранейшаму працягваюць рух паміж Беларуссю і Польшчай.
У траўні Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы ў каментары выданню "Зеркало" паведаміла, што аднаўленне руху пасажырскіх цягнікоў пакуль не плануецца.