У Польшчы прэзентавалі сервіз для Лукашэнкі (відэа)

Па словах прадстаўнікоў фабрыкі, на выраб посуду спатрэбілася больш за 4 тоны фарфору, а афармленне сервізу скапіравалі з асабістых талерак і кубкаў беларускага прэзідэнта.
На польскім тэлебачанні паказалі залаты і срэбны посуд, які вырабілі адмыслова для прыёмаў у Аляксандра Лукашэнкі. У эфіры тэлеканала TVN дырэктар аддзелу гандлю фабрыкі "Wałbrzych" (Валбжых) Эльжбэта Нядзеля падрабязна распавяла пра сервізы Luna і Maria Teresa, якія абышліся нашай дзяржаве амаль у 42 тысячы долараў.

Эльжбэта Нядзеля: “Гэта была ўрадавая замова, так што быў тэндар, і мы яго выйгралі. Пад канец сакавіка да нас звярнулася фірма, якая абслугоўвае усе замежныя дэлегацыі, з просьбай выслаць падрабязнае апісанне гэтага посуду. Мы выслалі каталог, і праз тры тыдні атрымалі адказ, што былі абраныя дзве дэкарацыі: залатая і плацінавая. І яны папрасілі, каб мы за тыдзень зрабілі ўзоры. Гэта не простыя ўзоры, там такія выпуклыя каласкі і рэльефны герб Беларусі. Таксама яны апісалі мне, які фарфор прэзідэнт мае прыватна. Там такая гірлянда, такі ўзор, у выглядзе коласа пшаніцы, і каб мы прыслалі нешта падобнае. Я пайшла ў мастацкі аддзел, і за два дні яны зрабілі ўзор, і гэта было даслана ў належны час”.

Па словах Эльжбэты Нядзелі, залаты сервіз разлічаны на 100 чалавек. Другі ― срэбны ― на 400 чалавек. Туды ўваходзяць, да прыкладу, талеркі, соўсніцы, сальнічкі, перачніцы, хрэначніцы… На яго выраб спатрэбілася каля 4 тон фарфору.