У Расіі пачалі блакаваць Вікіпедыю
У Вікіпедыі лічаць, што з аўторка рэсурс будзе недаступны большасці карыстальнікаў у Расіі.
Некаторыя правайдары ў Расіі пачалі блакаваць доступ да Вікіпедыі. У прыватнасці, пра адсутнасць доступу да рускамоўнай часткі інтэрнэт-энцыклапедыі ў ноч на аўторак, 25 жніўня, паведамляюць у сацсетках жыхары Ніжняга Ноўгарада, Уфы і Масквы. Некаторыя карыстальнікі таксама адзначаюць, што ў іх не адчыняецца не толькі рускамоўная, але і англамоўная версія, перадае РБК.
Стваральнікі Вікіпедыі кажуць, што да раніцы аўторка большасць расіян страціць доступ да Вікіпедыі. Мабільная версія працягвае працаваць, у яе іншыя IP-адрасы.
Напярэдадні Раскамнагляд загадаў аператарам сувязі блакаваць адрас старонкі ў Вікіпедыі, на якой змяшчаецца інфармацыя аб наркатычным рэчыве "чарас". І хаця чыноўнікі запатрабавалі блакаваць толькі адзін артыкул, блакуецца доступ да ўсёй Вікіпедыі: рэсурс выкарыстоўвае пратакол HTTPS, які не дазваляе блакаваць асобныя старонкі.
Дарэчы, раней Вікіпедыя апублікавала інструкцыю, як атрымаць доступу да сайта пры яго блакаванні. Карыстальнікам прапаноўвалася цалкам спампаваць усе змесціва сайта для асабістага карыстання ці стварыць копію (люстэрка) Вікіпедыі.
Фота: ТАСС