У размеркаванні студэнтаў “пралазу” не застанецца?

Урад рыхтуе новыя Палажэнні аб размеркаванні і аб вяртанні грошай за навучанне. Таму ўсім, хто хоча “пераскочыць” на завочку, перавесціся на платнае, скарыстацца чарнобыльскай ільготай ці яшчэ неяк “адкасіць” ад размеркавання, лепей паспяшацца. Савет Міністраў разглядае цяпер праекты новых Палажэнняў аб размеркаванні і аб кампенсацыі сродкаў, затрачаных на навучанне маладых спецыялістаў. Плануецца, што абодва Палажэнні з’явяцца адначасова і, хутчэй за ўсё, неўзабаве. Невядома, ці застануцца маладым спецыялістам тыя “пралазы”, якія былі ў іх дагэтуль.

Ці мусіць вяртаць грошы за навучанне студэнт, якога адлічылі з універсітэта, напрыклад, за непаспяховасць; ці мусіць іх вяртаць бюджэтнік, які перавёўся на платнае, а яго размеркавалі – гэтыя пытанні цяпер дакладна не прапісаныя. Таццяна Ягорава, галоўны інспектар упраўлення вышэйшай і сярэдняй адукацыі Мінадукацыі, кажа, што ўсе гэтыя пытанні будуць хутка вырашаныя.

Таццяна Ягорава: “Палажэнне аб кампенсацыі сродкаў таксама цяпер карэктуецца. І там гэтыя моманты, канешне, будуць прапісаныя больш падрабязна”.

З 22 тысяч студэнтаў ВНУ, якіх мусілі размеркаваць у мінулым годзе, вольныя дыпломы атрымалі каля 1300 чалавек. Большасць з іх – ільготнікі. Астатнім, каб атрымаць вольнае працаўладкаванне, прыйшлося моцна “папацець”. Але прыкладна 280 няльготнікаў “вольную” здабылі. Працэдура яе атрымання ў цяперашнім заканадаўстве прапісаная не цалкам, а пра пераразмеркаванне там наогул амаль не гаворыцца. Усё гэта будзе ў новых дакументах, запэўніла нас вядучы інспектар упраўлення вышэйшай і сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Вольга Мушчынская.

Вольга Мушчынская: “Праз некалькі месяцаў пачынае дзейнічаць Закон аб вышэйшай адукацыі. Палажэнні патрэбна прывесці ў адпаведнасць з ім. І трэба было прапрацаваць працэдуры, звязаныя з пераразмеркаваннем, з выдачай даведак аб самастойным працаўладкаванні і іх дублікатаў… Уводзяцца нормы, якія адпавядаюць ужо Указу Прэзідэнта № 402 (аб зваротах грамадзян)”.

Яшчэ адно пытанне – чарнобыльская льгота. Яна вызваляе маладога спецыяліста, які не паехаў па размеркаванні, ад выплаты сродкаў. Гэта не зусім зручная льгота для тых, хто размяркоўвае, бо так могуць адмовіцца размяркоўвацца цэлыя гарады выпускнікоў, якія знаходзяцца ў забруджанай зоне.

Юрый Міксюк: “Канешне ж, пытанне гэтае разглядалі, але аб канчатковым рашэнні пакуль рана казаць. Будзе прынятае ўзважанае рашэнне, але пакуль ідзе абмеркаванне. Фактычна, мы выключаем тых, хто мае чарнобыльскую льготу, з таго рэзерву, які мы меркавалі для размеркавання на канкрэтна заяўленыя пасады. Вы правільна абазначылі праблему, яна існуе. І гэтую праблему бачаць і працадаўцы: яны разлічвалі на чалавека, а ён не прыехаў”.

Але Таццяна Ягорава лічыць, што сітуацыя з размеркаваннем “чарнобыльцаў” не такая складаная. Бо шмат для каго накіраванне на працу – выгадная рэч.

Таццяна Ягорава: “Па-першае, ёсць праблема працаўладкавання. Па-другое, чалавек губляе статус маладога спецыяліста. У гэтых зонах ёсць неблагія льготы – крэдыты, жыллё, дадатковыя выплаты… Таму казаць пра тое, што маладыя спецыялісты ўсе не паедуць па размеркаванні, памылкова. Яны ж думаюць аб працаўладкаванні. І іх, канешне, возьмуць лепш па накіраванні, чым проста з рынку працы, калі ён не мае досведу працы”.

Чыноўнікі пакуль не адказваюць канкрэтна, ці забяруць чарнобыльскую льготу ў маладых спецыялістаў. Але ў краіне адмяняюць шматлікія льготы, у тым ліку некаторыя з чарнобыльскіх.

Калі з’явяцца Палажэнні, пакуль дакладна невядома. Але начальнік упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый Міксюк кажа, што дакументы, хутчэй за ўсё, доўга чакаць сябе не прымусяць. Бо ў Палажэннях, якія дзейнічаюць цяпер, дастаткова шмат недахопаў.

Юрый Міксюк: “У ім улічаныя тыя недахопы, якія былі ў мінулым дакуменце. Гэты праект для таго, каб урэгуляваць юрыдычна, удакладніць шматлікія праблемы, якія не былі ўлічаныя ў мінулым Палажэнні. Думаю, што не так шмат часу спатрэбіцца для яго разгляду”.
фота - www.niz.ru