У Рэчыцкім раёне дзеці заблукалі на кукурузным полі

У Рэчыцкім раёне паспяхова завяршылася аперацыя па пошуку зніклых 20 жніўня двух дзяцей.
Як паведаміў прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, напярэдадні ўвечары, прыкладна ў 23.00, у міліцыю звярнулася жыхарка вёскі Аляксандраўка, бабуля зніклых.

Паводле яе слоў, дзевяцігадовая дзяўчынка і хлопчык чатырох гадоў пайшлі гуляць і не вярнуліся. Да пошуку дзяцей прыцягнулі 176 чалавек, 12 адзінак тэхнікі і чатырох сабак.

Шукалі зніклых супрацоўнікі МНС, міліцыі, лясной гаспадаркі, ваеннаслужачыя і мясцовае насельніцтва. Сёння а 4-й раніцы дзяцей знайшлі ў трох кіламетрах ад вёскі на кукурузным полі плошчай 100 гектараў.

Пры гэтым вышыня кукурузнага сцябла на полі дасягае двух метраў. Стан дзяцей ацэньваецца лекарамі як здавальняючы.

БелаПАН