У Салігорску на месяц спынілася абагачальная фабрыка

Абагачальная фабрыка спынілася сёння на месяц у Салігорску. Вытворчы працэс на прадпрыемстве плануюць аднавіць толькі 20 траўня. Як паведамляе сайт regionby.org, працоўныя хвалююцца — сёлета іх заробкі ўжо знізіліся ў сярэднім на 300 тысяч рублёў. Частка іх ужо былі ў пазапланавых адпачынках і атрымлівалі толькі 2/3 тарыфнай стаўкі.

Яшчэ год таму Салігорск па колькасці ўзятых у банках буйных крэдытаў абганяў іншыя беларускія гарады з аналагічнай колькасцю насельніцтва. Цяпер жа, з-за праблемаў са збытам прадукцыі ў "Беларуськалія", найбуйнешага прадпрыемства горада, заробкі шахцёраў і калійшчыкаў пачалі зніжацца. Людзі намагаюцца адразу ж пераводзіць свой заробак у долары ды падумваюць пра гароды для пасадкі бульбы.