У Салігорску стартуе грамадзянская кампанія “Абаронім лес”

Як паведаміў БелаПАН адзін з яе арганізатараў, праваабаронца Беларускага Хельсінскага камітэту Аляксей Валабуеў, мэта кампаніі — спыніць вырубку гарадскога лесу ў Салігорску. Паводле яго словаў, апошнім прыкладам знішчэння зялёных зон гораду стала вырубка лесу паміж вуліцамі Заслонава і Казлова. Там хочуць узвесці элітнае жытло. Плануюць таксама вырубіць лесапаркавую зону насупраць гарадской лякарні па вуліцы Лясной. У межах акцыі пачаўся збор подпісаў у абарону гарадскога лесу ў Салігорку. Усяго мяркуюць сабраць некалькі соцень подпісаў і накіраваць іх як у Салігорскі гарвыканкам, так і ў рэспубліканскія органы ўлады. Таксама актывісты падалі заяўку на правядзенне пікету каля рынку “Кастрычніцкі” 11 снежня.