У Сенненскім раёне патанулі трое дзяцей
Дзве сястры і іх стрыечны брат каталіся па вадаёме на самаробным плыце.
У Сенненскім раёне патанулі трое дзяцей — дзве дзяўчынкі і хлопчык. Трагічнае здарэнне адбылося ў другой палове дня 25 чэрвеня каля вёскі Ляснікова. Як паведамляе прэс-служба МНС, дзве сястры (2004 і 2006 гадоў нараджэння) і іх стрыечны брат (2003 года нараджэння) з 15-й гадзіны гулялі каля вадаёма ў 50 метрах ад бліжэйшых дамоў. Па словах мясцовых жыхароў, яны каталіся на самаробным плыце.
А 18-й гадзіне маці дзяўчынак пайшла іх шукаць і ўбачыла цела адной з іх на паверхні вады. Яна была без прыкметаў жыцця. Целы астатніх дзяцей знайшлі ў 7 метрах ад берага на дне вадаёма, глыбіня якога складае каля 2-х метраў.
Адзначаецца, што хлопчык са сваімі бацькамі прыехаў у вёску ў госці да цёткі.


Фота: МНС